САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ АДЗІ́НАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (САПГ; Sozialistische Einheitspartei Deutschlands),

палітычная партыя левага кірунку, якая ў 1949—89 была кіруючай у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы (ГДР). Засн. 21—22.4.1946 у Берліне (Усх.) на аб’яднаўчым з’ездзе Камуністычнай і С.-д. партый Германіі, якія дзейнічалі ў сав. акупац. зоне краіны, пад старшынствам В.​Піка і О.​Гротэваля. У 1948—50 пераўтворана ў кадравую партыю на ўзор КПСС. Яе праграма (мянялася некалькі разоў) прадугледжвала «пабудову антыфаш.-дэмакр. ладу ва ўсёй Германіі», асобы ням. шлях да сацыялізму, у т. л. праз прымусовую поўную калектывізацыю сельскай гаспадаркі (1960), утварэнне ў ГДР «сацыяліст. нацыі» (з 1963) і інш. Вышэйшы парт. орган — з’езд (з 1971 склікаўся раз у 5 гадоў), паміж з’ездамі — ЦК партыі (меў і права склікаць парт. канферэнцыі), які выбіраў Палітбюро і Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (у 1953—76 наз. 1-ы сакратар; у 1950—71 В.​Ульбрыхт, у 1971—89 Э.​Хонекер, у кастр.снеж. 1989 Э.​Крэнц). Цэнтр. друкаваны орган — штодзённая газ. «Neues Deutschland» («Новая Германія»). У ходзе масавага руху за рэформы ў ГДР (восень 1989) перастала быць кіруючай (заканадаўча з 1.12.1989), страціла каля 95% сваіх членаў, пераўтворана ў САПГ — Партыю дэмакр. сацыялізму (паміж 8 і 17.12.1989), потым у Партыю дэмакр. сацыялізму (люты 1990), якая захавалася ў аб’яднанай Германіі (ФРГ).

Літ.:

История Социалистической единой партии Германии: Очерк: Пер. с нем. М., 1980;

Последний год ГДР. М., 1993.

М.​Г.​Жаркоў.

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)